НА́ФТАВАЕ МА́СЛА,

мінеральнае масла, прадукт перапрацоўкі высокакіпячых (300—600 °C) нафтавых фракцый: вадкая сумесь парафінавых, нафтэнавых, араматычных і нафтэна-араматычных вуглевадародаў, а таксама іх гетэравытворных.

Паводле спосабу вытв-сці падзяляецца на дыстылятнае (атрымліваюць дыстыляцыяй мазуту), астаткавае (прадукты ачысткі гудрону) і кампаўндавае (сумесь дыстылятнага і астаткавага Н.м.), паводле галін выкарыстання — на белае масла, змазачнае масла, ізаляцыйныя маслы, кансервацыйнае масла. Для надання неабходных эксплуатацыйных уласцівасцей у Н.м. дадаюць прысадкі. На аснове Н.м. (без прысадак) атрымліваюць гідраўлічныя і змазачна-ахаладжальныя вадкасці, тэхнал. і пластычныя змазкі.

т. 11, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)